Пасланне ад продкаў
СПАДЧЫНА МСЦІСЛАЎШЧЫНЫ – БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАСЦЮМ
У вёсцы Ходасы жывуць большай часткай прадстаўнікі такіх нацыянальнасцей як беларусы i рускiя, па веравызнанню - праваслаўныя і каталiкi.
Адзеннем вяскоўцы не адрознiвалicя. Было адрозненне толькi па сацыяльнаму складу: шляхтай звалi багацейшае саслоў’е. Яны апраналiся лепш за просталюдзiнаў. Вялiкiя кiрмашы, куды хадзiлi вяскоўцы, звычайна адбывалiся там, дзе былi цэрквы: у сёлах Мазалава, Бязводзiчы, Ходасы I, Новае Сяло. Там жыхары набывалi валёнкi, боты, чаравiкi. Гэтыя вырабы былi кустарнай вытворчасцi. У навакольных вёсках жылi бондары, шапавалы, краўцы, кузняцы, якія і прадстаўлялі свае вырабы на продаж. У вёсцы крамы не было, таму за таварам i неабходнымi рэчамi хадзiлi ў мястэчка, г. Мсцiслаў.
Адзiнага вiду адзення ў нашай вёсцы не было, таму што яе заснавалi перасяленцы -“пакапчукi”. Паступова сюды прыходзiлi новыя людзi i прыносiлi свае асаблiвасцi.
Звычайна жанчыны насiлi длiнныя спаднiцы, вышываныя кашулi, фартухi, хусткi, мужчыны – шаравары, iльняныя рубахi,лапцi.
Малыя дзецi былі апрануты ў длiнныя сарочкi, як дзяўчынкi, так і хлапчукi. У святочныя днi на іх былі новыя сарочкi, падперазаныя паясамi, якiя зроблены з рознакаляровых нiтак.
М.Я. Нікіфароўскі апісвае абрад апранання першых уласных штаноў хлопчыкам і першай уласнай спадніцы дзяўчынкай. Спачатку хлопчыку падсцілаліся старыя бацькавы штаны, а дзяўчынцы – старая матчына спадніца, а потым прапаноўвалася іх апрануць. Бацькі пільна сачылі за тым, якую ўпартасць праяўляюць падчас гэтага «складанага» працэсу іх дзеці, каб вызначыць працягласць іх веку. А пасля дзеці апраналіся ва ўласныя рэчы і, калі вопратка знашвалася, яе спальвалі. Дзяўчаты насiлi на шыі пацеркі, крыжык, а ў вушах – завушнiцы. З 15-ці гадоў яны пачыналi насiць паясное адзенне. Была традыцыя першую спаднiчку шыць са старой бацькоўскай кашулi.
Жаночая рубаха звалася кашуляй. Яна была белага колеру, вышытая арнаментам па каўнерыку, рукавах, полiках. Кашуля была доўгай, складалася з дзвюх частак. Верхняя звалася «чэхлiк», нiжняя – «падтачка». Нiжняя частка кроiлася з iншага палатна, горшага па якасцi. Рубахi шылi з палiкамi (устаўкамi). Яны ўшывалiся памiж пярэдняй i задняй полкамi. У цэнтры атрымлiвалася квадратная адтулiна, значна большая за дыяметр шыi. Гэта шырыня забiралася ў дробныя зборкi, якiя шчыльна ахоплiвалi шыю.
Па другому боку палiкi раўнаваліся са зрэзам стану. Гэта была лiнiя прышыву рукава. Каўнер быў стойка і ўпрыгожваўся вышыўкай, звычайна зробленай крыжыкам або гладдзю. Зашпiльваўся каўнер на гузiкi.
Рукавы былi шырокiя, з узорнымi тканымi ўстаўкамi, што былi размешчаны ўверсе рукава i па нiзе, абшлагах. Зашпiльвалiся таксама на гузiкi.
Падол упрыгожаны вышытымi ўзорнымi палосамi па ўсёй шырынi. Вышывалi звычайна крыжыкам. Ткалi больш перапляценнем (перабранкi). Рубцы на падоле рубахi ўпрыгожвалi мярэжкай. Пры вышыванні ўзораў прысутнiчала заканамернасць арнаменту. Месцы злучэння палiка i рукава, палiка і спiнкi ўпрыгожаны вышыўкай геаметрычных матываў, раслiнным арнаментам. Узоры для рубах пераймалiся з другiх вёсак. Назвы часцей заставалiся старымi. Для ўзору выкарыстоўвалiся нiткi чырвонага, белага, чорнага колеру.
Мужчыны насiлi белыя льняныя кашулi, тунiкападобныя, сшытыя з аднаго куска палатна. Насiлi касаваротку. Яна зашпiльвалася з правага боку. Каўнер быў стойка, зашпiльваўся на гузiкi. Рубахi ўпрыгожвалi чырвоным цi чырвона–чорным арнаментам. Вышывалi сарочкi толькi на грудзях, каўняры, манжэтах, па нiжнiм краi, а сям – там ля плячавога шву. Мужчынскiя штаны звалiся шараварамi. Яшчэ порты. На талii фiксавалiся матузком. Рабiлi iх з посканнi, сукна, камбiнаваных тканiн. Іх не фарбавалі Дзяўчаты насiлi спаднiцы і паневы. Жанчыны - андаракi і саяны.
Андаракi шылi бедныя людзi з даматканага льну, шляхта выкарыстоўвала сукно фабрычнай вытворчасцi. Яны былi ў клетку, паласатыя, рознакаляровыя. (чырвона - зялёнага, бела-чырвоны, зялёныя, густа – сiнiя) На андарак ішло 3 полкi тканiны. На поясе складкi. Знiзу, з адваротнага боку, падшывалася паласа матэрыялу шырынёй 4-5 см, што надавала спаднiцы пругкасць і аб’ёмнасць. Святочныя андаракi мелi яркiя ўзоры. У дзяўчат андарак быў карацейшы, чым у жанчын. Да нiзу прышывалi ленту – шчыпок, што засцерагала ад хуткага зношвання асноўную тканiну і адначасова афармляла лiнiю нiзу прыгожым контурам. Самыя шырокiя, прыгожыя палосы iдуць ля падола, чым вышэй, тым яны вузейшыя, прасцейшы узор. Перш чым прышыць пояс, тканіна збіралася на шнурок–уздзержку. Калі ў станы дадаваліся сантыметры, спадніцу можна было «распусціць» да неабходнага памеру.
Святочную спадніцу – «андарак» абавязкова гафрыравалі. Клалі на лаву, зверху накрывалі чыстым ручніком, а наверх – гарачы хлеб.
Саян – гэта спаднiца з прышыўным лiфам. Спаднiца саяна на талii закладвалася ў зборкi, якiя фiксавалiся ўверсе на адлегласцi 10 – 15 см ад яе. Зборкi размяшчалiся на талii нераўнамерна, неглыбокiя складкi ад пярэдняй да задняй полак павялiчвалiся. Такiм чынам, аб’ём пераносiўся назад. Невялiкi лiф шчыльна аблягаў фiгуру. Саян рабiлi з рознай сыравiны: лён, бавоўна iшлi на аснову, уток – з воўны. На cаян iшло 4 полкi, засцёжка была пасярэдзiне, зашпiльвалi на гаплiчкi. Спадніца. Матэрыял-даматканая льняная тканіна бардова-карычневага колеру ў буйную белую клетку. Пояс спадніцы з светлай падоўжнай даматканіны. З сподняга боку да прыполу прышыта льняная палоска – «падпадольнік». Спадніца складаецца з 5 падоўжных полак. Гэта святочная спадніца – “андарак", таму гафрыраваная. Швы і апрацоўка краёў матэрыі-ручная. Належала яна Сцяпанавай Марыі Фёдараўне (1905 г.н.). Выраб перададзены ў музейны пакой яе ўнучкай Улазоўскай (Ключанковай) Наталляй Іванаўнай (1965 г.н.), бібліятэкарам I катэгорыі Ходосовской сельскай бібліятэкі. Вытворчасць: Магілёўская вобласць, Мсціслаўскі раён, в. Мішні. Дата вырабу: 1920-я гады. Матэрыял-ільняная тканіна, палатно. Даўжыня - 90 см. Захаванасць спадніцы 80%, колер матэрыі збялеў. Выраблена, калі дзяўчыне было 15 год.
Панёву рабiлi з клятчастага суконнага матэрыялу сiняга, чырвонага колеру. Панёва складалася з трох полак, сабраных зверху на шнуры, якiм замацоўвалася на талii, была крыху адкрыта спераду цi збоку.
Панёву шылi з сукна. Яно звалася «панёўным палатном». З панёўнага палатна шылi ручнiкi. Кавалак тканiны проста замацоўвалi на поясе. Дзяўчаты насiлi панёву. Яна не мела швоў. Першы раз дзяўчына завязвала панёву ў 15 год. Гэта было звязана з надыходам палаваспеласцi. Існаваў абрад, звязаны з першым надзяваннем на дзяўчыну панёвы-папярэднiцы спаднiцы. Да вяселля дзяўчыны насiлi панёву як святочнае адзенне. У iншыя днi дзяўчыны насiлi калышку. Колькасць панёў залежыла ад заможнасцi сям’i.
«Гарсет» - безрукавка-камізэлька. Ён пашыты з даматканага палатна, шчыльна аблягаў постаць і гарманічна спалучаўся з гафрыраванай спадніцай, кашуляй з шырокімі рукавамі і фартухом. Камізэлька ўпрыгожана вышыўкай і шнурамі.
Жанчыны насiлi безрукаўкi. Яе назва нагруднiк (кабат, гарсэт). Шылi безкураўкi з сукна, парчы, аксамiту. Колер разнастайны: чорны, чырвоны,сiнi. Нагруднiк меў асаблiвасцi крою, гэта залежыла ад асаблiвасцi фiгуры. Лiнii проймы, гарлавiны мелi складаную канфiгурацыю, па талii падганялiся да фiгуры з дапамогай вытачак, уводзiлicя дэталi, выкраеныя «па касой нiцi» i падкрайныя. Зашпiльвалiся ззаду на кручкi. Безрукаўкi ўпрыгожвалi тканным, раслiнным маляўнiчым арнаментам, набiўным малюнкам і роспiсам .
Жанчыны насiлi доўгае палiто з капюшонам (адзенне з сукна), кажушкi (адзенне з футры), свiткi. Кроем падкрэслiвалася лiнiя талii. Яны былi шытыя з сукна да калена.
Фартух (пярэднiк) на спаднiцу спераду завязваўся па талii. Па крою ўяўляў прамавугольны кавалак тканiны (у дзве полкi). Шылi фартухi з рознай тканiны: з iльнянога палатна, цi з суконнага ў адну полку. Звычайна фартух быў белага колеру з упрыгожваннем. Упрыгожвалi яго вышыўкай – наборам, тканымi арнаментамi, стужкамi і зашчыпамi.
Святочныя фартухi адрознiвалiся вышыўкай. Яна была яркiх колераў, сатканымi гарызантальнымi цi вертыкальнымi палосамi з кветак, зорак і крыжаў, а таксама тканiнай з якой выраблялiся вырабы. Будзенныя фартухi рабiлiся з грубых даматканых тканiн. Палатняныя, кружэльныя. Фартухi старых былi шырокiмi, амаль уся фiгура была агорнута, краi сыходзiлiся ззаду i вышыўка на iх была прасцейшая. Дзяўчына павiнна былі насiць фартух і нагруднiк – гэта адзiн з вiдаў фартухоў. Ён закрываў грудзi, а па даўжынi даходзiў да сярэдзiны бёдраў.
Паясы рабiлi самi некалькiмi спасабамi: пляценне на сцяне, вязанне на прутках, рабiлi са скуры. Памеры - ад 1 см да 6 см шырынi, і ад 35 см да 4 м даўжынi. Канцы паясоў звычайна заканчваліся махрамi i кутасамi. Яны маглi быць у ёлачку, ромбы, пчолку, двух - шматкаляровыя. Жанчыны завязвалi пояс па лiнii паяснiцы. Спосаб завязвання не змянiўся з цягам часу.
Мужчынскiя паясы адрознiвалiся ад жаночых большай шырынёй і даўжынёй. Завязвалiся дзвюма спасабамi: на лiнii паяснiцы і пад жыватом. Канцы спускалi збоку. Пояс мужчыны абкручвалi па талii. Пояс завязвалi вузлом.
Дзяўчаты расчэсвалi валасы на прабор і запляталi ў адну цi дзве касы з каляровымi стужкамi. Былi і складаныя пляцёнкi на 4 пасмы. У царкву хадзiлi з сабранымi валасамi на затылку грэбнем і ў чапцу. Калi працавалi, то рабiлi касу, на вечарынкi рабiлi складаныя пляцёнкi. Яны маглi хадзiць з незаплеценымi валасамi да вяселля.
Жанчыны збіралі валасы ў косах, сабраных у «гулю». Прычоска называлася «кукла» - валасы сабраныя ў пук. Пад каптуром хавалiся ўсе валасы, паверх якiх павязвалi намітку. У нашай мясцовасцi намiтку не ўжывалi, але ў суседнiх мястэчках яна прысутнiчала. Намiтка – тонкае палатно шырынёй 40- 60 см. даўжынёй 2,5 – 3,5 м з затканымi, або вышытымi канцамi. На намiтку iшло тонкае кружальнае палатно. Намiтка завязвалася так, што ўтварала складаную форму з мяккiмi драпiроўкамi вакол твару і спадала ззаду на спiну канцом. Намiтку з цягам часу замянiла квадратная хустка.
Святочны галаўны ўбор дзяўчыны: вянок, хустка, намітка-палаценкавы галаўны убор, якi абвiваўся вакол галавы, пад падбароддзем і пасля спускаўся на спiну. Намітка патылiцу не прыкрывала, а спускалася на плячах да грудзей. Вянкi з жывых кветак, рамонкаў і васількоў, плялі на Духа, Iвана Купала.
Насiлi хусткі і ў будныя днi, i на працу. Жанчыны - льняныя хусткi і вязаныя шалi, шаўковыя – атласка, суконныя – вянгрэнавыя. Даматканыя хусткi ткалi з iльну, звычайна зiмой, размерам 90 – 90 см. Упрыгожаны былi тканымi ўзорамi. Яны былi размешчаны на кутах, у палосах па краю. Аздаблялiся махрамi і карункамi. Хустку завязвалi пад падбародкам, абкручвалi вакол галавы. Дзве хусткi звычайна насiлi сталыя жанчыны. Нiжняя хустка закрывала лоб, верхняя - вакол галавы.
Мужчыны летам насiлi капелюшы, картузы, сплеценыя з саломы і лазы. Зiмой насiлi заячую цi аўчынную аблавуху, якую шылi з сукна, яшчэ насiлi валяныя шапкi «Магеркi».
У нашай мясцовасці жанчыны маглі насіць кашулю, спадніцу і фартух або кашулю, спадніцу, фартух і гарсэт. Другая асаблівасць, што адзенне было больш сціплае і простае паводле аздаблення ў параўнанні з іншымі мясцінамі.
Зараз традыцыйны народны касцюм выкарыстоўваецца ў фальклорных святах, а не ў паўсядзённым жыцці. Ды гэта і не трэба. Мы звыкла ацэньваем тканыя рэчы з пазіцыі прыгажосці, адмысловасці арнаментыкі, гармоні і каларыту.